Салярыс (на белорусском языке) - Станислав Лем
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Калi гейзеры, якiя рвуцца з безданi, застынуць альбо ўспучацца i стануць тоўстымi сценамi галерэй i калiдораў, што разыходзяцца ва ўсе бакi, а "плёнкi" ўтвораць сiстэмы плоскасцей, якiя перасякаюцца, павецяў, скляпенняў, сiметрыяда пачынае апраўдваць сваю назву: кожнаму мудрагелiстаму перапляценню пралётаў, хадоў i схiлаў ля аднаго полюса адпавядае дакладна такое ж перапляценне ля супрацьлеглага.
Праз дваццаць - трыццаць хвiлiн гiгант пачынае паволi пагружацца, часам адхiляючыся ад вертыкальнай восi на восем - дванаццаць градусаў. Сiметрыяды бываюць вялiкiя i малыя, але нават "карлiкi" ўзвышаюцца над узроўнем Акiяна метраў на восемсот i вiдаць за добры дзесятак мiль. Больш за ўсё бяспечна залазiць унутр сiметрыяды адразу ж, як толькi спынiцца яе пагружэнне i запануе раўнавага, а вось сiметрыяды зноў супадзе з вертыкаллю. Сама зручны ўчастак крыху нiжэй за вяршыню. Даволi гладкую палярную "шапку" абвiвае пояс, якi зрэзаны вусцямi ўнутраных камер i праходаў. Наогул жа сiметрыяда ўяўляе ўвасабленне ў прасторы нейкага надзвычай складанага ўраўнення.
Як вядома, кожнае ўраўненне можна выразiць геаметрычнай мовай, збудаваўшы адпаведна гэтаму ўраўненню фiгуру ў прасторы. У гэткiм разуменнi сiметрыяда нагадвае плоскасць Лабачэўскага i адмоўную Рыманавую крывiзну. Але гэтае падабенства надта далёкае, бо складанасць сiметрыяды неверагодная. Сiметрыяда ўяўляе ўвасабленне цэлай матэматычнай сiстэмы, якое займае некалькi кубiчных мiль, да таго ж увасабленне чатырохмернае; у сiметрыядах сам час не застаецца нязменным.
Сама простае, вядома, дапусцiць, што перад намi "матэматычная машына" жывога Акiяна, мадэль разлiкаў, неабходных яму для нейкiх невядомых нам мэт, але гэтую гiпотэзу Фермонта сёння ўжо нiхто не падтрымлiвае. Яна надта спакуслiвая, але ўяўленне, што з дапамогай такiх велiзарных вывяржэнняў, дзе кожная часцiнка падпарадкавана значна больш складаным формулам матэматычнага аналiзу, жывы Акiян цiкавiцца пытаннямi матэрыi, быцця, космасу, праiснавала не вельмi доўга. Вельмi шмат з'яў, што адбываюцца ў сiметрыядзе, супярэчаць гэткай простай (i нават па-дзiцячы наiўнай, як гавораць некаторыя) iнтэрпрэтацыi.
Былi спробы знайсцi якую-небудзь зразумелую наглядную аналогiю; даволi папулярнае тлумачэнне Аверыяна, якi прапанаваў такое параўнанне: уявiм сабе старажытнае зямное збудаванне эпохi росквiту Вавiлона, якое ўзведзена з жывога рэчыва, што мае здольнасць узбуджацца i развiвацца; архiтэктонiка яго пачаргова праходзiць шэраг фаз, проста на вачах прымаючы формы грэцкай i раманскай архiтэктуры, затым калоны становяцца тонкiмi, як травiнка, скляпенне - бязважкiм, яно iмкнецца ўгору, аркi ператвараюцца ў крутыя парабалы, затым завастраюцца, як у готыцы. Готыка дасягае дасканаласцi, затым старэе, яе строгасць змяняецца оргiяй пышных формаў, на нашых вачах квiтнее мудрагелiстае барока. Паступова, пераходзячы разам з нашым жывым збудаваннем ад аднаго стылю да другога, мы прыйдзем да архiтэктуры касмiчнай эпохi. Уявiўшы ўсё гэта, мы хоць крыху наблiзiмся да разумення таго, што такое сiметрыяда.
Але такое параўнанне, хоць яго ўдасканальвалi i развiвалi, нават спрабавалi праiлюстраваць спецыяльнымi мадэлямi i фiльмамi, у лепшым выпадку доказ нашай бездапаможнасцi, у горшым - спроба ўхiлiцца ад праблемы, а мо проста падман, бо сiметрыяда не падобная нi на што зямное...
Чалавек можа ўспрымаць адразу не вельмi шмат; мы бачым толькi тое, што адбываецца перад намi, тут, цяпер; але мы не здольныя ўявiць сабе мноства адначасовых працэсаў, няхай нават узаемазвязаных, нават тых, што дапаўняюць адзiн аднаго. Гэта датычыць нават параўнальна простых з'яў. Гiсторыя аднаго чалавека можа мець вельмi вялiкае значэнне, гiсторыю некалькiх сотняў цяжка прасачыць, а гiсторыя тысячы або мiльёна не азначае па сутнасцi нiчога. Сiметрыяда - мiльён, не, нават мiльярд, узведзены ў ступень бясконцасцi, сiметрыяда - сама неймавернасць. Мы стаiм у адным з яе завулкаў удзесяцяронай прасторы Кронекера, - быццам мурашы, якiя замерлi на жывым скляпеннi, перад намi - плоскасцi, што iмкнуцца ўгору i цьмяна мiльгаюць у святле нашых асвятляльных ракет, мы назiраем iхняе ўзаемапранiкненне, плаўнасць i бездакорную дасканаласць, i ўсё гэта - толькi момант, бо галоўнае тут - рух, засяроджаны i мэтанакiраваны. Мы бачым толькi асобнае трымценне адной струны ў сiмфанiчным аркестры звышгiгантаў i ведаем - але толькi ведаем, а не разумеем, - што адначасова над намi i пад намi, у спiчастых нетрах, за межамi зроку i ўяўлення адбываюцца тысячы i мiльёны пераўтварэнняў, звязаных мiж сабой, як ноты, матэматычным кантрапунктам. Нехта назваў сiметрыяду геаметрычнай сiмфонiяй, але ў такiм разе нас варта назваць яе глухiмi слухачамi.
Каб хоць што-небудзь тут убачыць, трэба было б адысцiся, адступiцца на неверагодную далеч, але ж у сiметрыядзе ўсё - нутро, размнажэнне, лавiны нараджэнняў, няспыннае фармаванне, дарэчы, тое, што фармуецца i само фармуе. Нiякая мiмоза так чуйна не адгукнецца на дотык, як адгукаецца аддаленая ад нас на шмат мiль i на сотнi ярусаў частка сiметрыяды на змяненнi, што адбываюцца ў тым месцы, дзе мы стаiм. Кожная канструкцыя, якая iснуе толькi адно iмгненне, сама мадэлюе ўсе iншыя i дырыжыруе iмi, а яны ў сваю чаргу ўздзейнiчаюць на яе. Так, гэта сiмфонiя, але такая, якая сама сябе стварае i сама сябе заглушае.
Фiнал сiметрыяды страшны. Калi назiраеш за iм, здаецца, што з'яўляешся сведкам трагедыi, а мо нават забойства. Праз дзве-тры гадзiны - столькi доўжыцца працэс разрастання, павелiчэння, самастварэння - жывы Акiян пераходзiць у атаку: гладкая паверхня моршчыцца, супакоены, пакрыты засохлай пенай прыбой закiпае; ад самага гарызонту iмчыць мноства канцэнтрычных хваляў, гэткiх жа мускулiстых кратэраў, як i тыя, што суправаджаюць нараджэнне мiмоiда, але на гэты раз яны неверагодна большыя. Падводная частка сiметрыяды выцясняецца, калос паволi ўздымаецца ўгору, нiбыта выцiскаецца за межы планеты, верхнiя слаi Акiяна актывiзуюцца, залазяць усё вышэй на бакавыя сцены, застываюць на iх, замуроўваюць адтулiны, але гэта не iдзе нi ў якое параўнанне з тым, што адбываецца ў глыбiнi сiметрыяды. Спачатку формаўтваральныя працэсы - самастварэнне i самапераўтварэнне архiтэктонiкi на кароткi час замаруджваюцца, а пасля шалёна паскараюцца. Рухi, якiя да гэтага былi плаўныя, мерныя, такiя ўпэўненыя, нiбыта яны мусiлi доўжыцца стагоддзямi, набываюць стрымгаловую хуткасць. Узнiкае прыгнечанасць ад таго, што быццам бы перад пагрозай небяспекi калос iмкнецца нешта паспець. Але чым хутчэй адбываюцца змены, тым больш вiдавочным становiцца страшнае, агiднае перараджэнне самога матэрыялу i яго дынамiкi. Спiчастыя скрыжаваннi дзiўна гнуткiх плоскасцей правiсаюць, становяцца мяккiмi, вялымi; з'яўляюцца няскончаныя, пачварныя, скалечаныя формы; з нябачнай глыбiнi чуваць штораз мацнейшы шум, гул, у перадсмяротных пакутах паветра нараджае ў велiзарных горлах, пралётах i скляпеннях, пакрытых слiззю, неверагодны стогн i храпенне; адчуваецца, як усё навокал памiрае, i гэта насуперак iмклiваму руху. Гэты рух - знiшчальны. I вось ужо толькi вiхор, якi скавыча ў бяздонных калодзежах, падтрымлiвае, раздзьмухвае велiзарнае збудаванне; яно пачынае спаўзаць, раставаць, нiбыта ахопленыя полымем соты; дзе-нiдзе яшчэ бачны апошнiя сутаргi, бездапаможнае трымценне; затым велiкан, якi няспынна атакуецца звонку i падмываецца хвалямi, паволi куляецца i знiкае ў гэткiм жа вiры з пены, у якiм ён нарадзiўся.
(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});