Лапаціна - Уладзімір Някляеў
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
- Дык для чаго тады, калі ўсё тое самае, адно знікае, а іншае з’яўляецца? Адзін памірае, а другі.»
Ціт увагнаў сякеру ў калоду, набраў паленняў і панёс у лазню. Трэба было памыцца перад заўтрашнім днём.
Назаўтра з самага рання сонца паліла так, нібы звар’явалася. Зямля знемагала ад спёкі, а людзі знемагалі і ад спёкі, і ад зямлі, якую трэба было паліваць і паліваць, каб не згарэла. На гароды вёдрамі вынеслі ці не ўсю змялелую Крэўлянку, пасля чаго нібы ў насмешку з Ярылы Пярун наслаў дождж. Апоўдні наплыла духата, а пад вечар над Перуновай гарой раптоўна сабраліся хмары, з якіх абрынуўся вадаспад. Дождж не ліў, а сцяною падаў, і за нейкія хвіліны вады стала столькі, што Крэўлянка забурліла, выйшла з берагоў, затапіла і змыла ніжэйшыя гароды, а вышэйшыя, на пагорках, куды насіць ваду з ракі сілаў не ставала, былі ўжо спаленыя сонцам - і спусцелая, чорная ў лагчыне і зрыжэлая на схілах пагоркаў зямля страшна зеўрыла непазбежным зімовым голадам. Ціту цяпер і думаць не было пра што, толькі пра лапаціну.
Вайдэлоту Туру і вярхоўнаму вяшчуну Крыва-Крывэйту таксама. Бо хлебам іх былі відовішчы. І таму калі Ціт прыйшоў да Перуновай гары, да Прошчы, дзе вайдэлот з дванаццаццю жрацамі дзякаваў Перуну за дождж, і спытаў, ці можна нешта прыдумаць, каб памяняць аднарукага Юра на некага з ягоных братоў, Дана ці Віта, вайдэлот Тур адказаў, што прыдумаць нічога нельга. Бо калі ён, вайдэлот Тур, парушыць старадаўні звычай, па якім лапаціць бацьку мусіць наймалодшы сын, іначай не замкнецца круг і дарэмнай будзе ахвяра, дык вярхоўны вяшчун Крыва-Крывэйта спытае: «Калі вайдэлот парушае звычай, які ж ён вайдэлот?..»
Ціт даўно ведаў вайдэлота Тура. Яшчэ з пары, калі Тур быў не вайдэлотам, а служкам вялікага князя Міндава. Прычым, служкам з невядома якімі абавязкамі, хутчэй за ўсё таемнымі. Лісам бегаў ён па Нальшы, нешта вынюхваў, некага высочваў. Пасля раптам знік - і гадоў праз пяць аб’явіўся на капішчы пад Наваградкам вайдэлотам. І абвясціў волю багоў: усёй Літве і Нальшы скарыцца перад вялікім князем.
Калі Юр з рэшткамі дружыны, пасечанай Міндавам, вяртаўся з Наваградка, вайдэлот Тур дагнаў іх па дарозе і сказаў, што наперадзе, пад Любчай, засада. Была там засада ці не, але яны абышлі Любчу, і Тур вярнуўся ў Нальшу разам з імі. Сказаў, што будзе ў Крэве маліць багоў за княгіню Агну. Тая, гвалтам узятая Міндавам, засталася ў Наваградку, а маліць багоў за яе Тур чамусьці вярнуўся ў Крэва.
Шпегам Міндава ён вярнуўся. Міндаў разумеў, што рана ці позна князь Даўмонт паспрабуе адпомсціць за жонку, і хацеў ведаць, калі і як.
Тур і Ціту прапанаваў служыць Міндаву. “Ты ж не толькі ваяр, ты ж разумны чалавек, - казаў ён, перадаўшы Ціту падарунак Міндава: паўтараручны, на вастрыню пчалінага джала адкаваны тэўтонскі меч. - Вялікі князь стварае вялікую дзяржаву, а малыя князі замінаюць. І Даўмонт замінае. Засеў тут на дарозе да Вільні. Думаеш, Міндаву жонка Даўмонта патрэбная? Ды ў яго такіх жонак!.. Ён наўмысна так зрабіў, каб Даўмонт, які зараз аслаблены набегамі татар, галаву страціў, помсціць кінуўся. І праз тое напраўду страціў галаву. Дапамажы вялікаму князю - і станеш ягонай правай рукой, якая меч трымае. Вось што азначае падарунак...”
Падарунак быў княскі, нехта іншы на яго б купіўся, але Ціт быў не проста ваяром. Ён быў ваяром верным. І сказаў Даўмонту пра размову з вайдэлотам Турам. Спытаў: “Знесці галаву падараваным мечам?” “Не, - сказаў князь. - Шапні ў вушы, якія растуць на той галаве, што мы збіраемся напасці ў наступнае лета. А мы ў змове з Трайнатам выступім гэтай восенню. І ўсім галовы пазносім”.
Ціт зрабіў так, як сказаў князь Даўмонт. А князь зрабіў так, як змовіўся з Трайнатам. Напаў восенню і ўсім галовы пазносіў, пасля чаго вайдэлот Тур доўга баяўся Ціта. Рабіў усё так, як Ціт казаў. Але цяпер Даўмонт княжыў у Пскове, сам быў здраднікам, якому Ціт некалі служыў, дык чаго вайдэлоту Туру баяцца Ціта?
- Для Тура лепш, каб мяне аднарукі лапаціў, - сказаў Ціт, узышоўшы на Ярылаву гару да вярхоўнага вешчуна Крыва-Крывэйты. - Бо глядзець, як аднарукі бацьку забівае, цікавей, чым глядзець, як гэта робіць двухрукі. Скажы яму, каб памяняў Юра на Дана.
Крыва-Крывэйта, седзячы на схіле гары, цяжка ўзняў на Ціта выцвілыя, нібы пасівелыя за доўгія гады жыцця вочы.
- Я вымаліў дождж у багоў, а ты пра што мяне просіш?..
Ціт хацеў сказаць, што лепш бы Крыва-Крывэйта гэтак не стараўся, бо вымаліў не дождж, а патоп, пасля якога невядома, як жыць. Але не сказаў так. Калі прыходзіш прасіць, сваё не скажаш. Пакланіўся вярхоўнаму вешчуну: «Пра драбязу прашу. Багам хіба не ўсё адно, хто мяне заб’е?..»
- Пра драбязу... - падняўся Крыва-Крывэйта. - З драбязы ўсё й пачынаецца. Што трэба, каб сцяна парушылася? З падмурку каменьчык выняць. Вунь глядзі, - паказаў ён уніз, дзе ў падножжы гары бялела каплічка, нядаўна ўзведзеная крэўскімі хрысціянамі. - Яны таксама з драбязы пачыналі. Аднойчы пеўніка ахвярнага пашкадавалі. А цяпер?.. Адпрэчылі нашых багоў! Выракліся веры продкаў!.. - пачаў падвышаць голас Крыва-Крывэйта, паварочваюся ад Ціта да тузіна людзей, што стаялі каля капліцы. - І раптам ускінуў рукі, перайшоў на крык, і словы ягоныя валунамі пакаціліся з гары на людзей, на капліцу, на Крэва. - Дык вось што кажу вам я, вярхоўны вяшчун Крыва-Крывэйта! Воля вашая будзе сцертая, як зярно ў жорнах, верай новай i развеецца, як порсць дарожная. Слава вашая забудзецца, а імя вашае будзе iмем пагарджаных i паярэмленых. Нашчадкі вашыя адвернуцца ад крыві сваёй i магілы вашыя зневажаць будуць. Плады зямлі вашай, кроў i пот вашыя возьмуць чужынцы, i вы іх багоміць будзеце. Жоны i дочкі вашыя стануць паслужніцамі ў тых, ка- торыя вамі валодаць будуць. Перад рабамі сваімі пахінеце каркі i знізіце абліччы свае ў пакорлівасці. Змоўкнуць вечавыя званы ў гарадах i песні свабоды ў сёлах. I перапоўняцца воды слязьмі вашымі, паветра стогнамі, а зямля крывёй вашай. I згінеце з аблічча зямлі, калі не ачуняеце i не скажаце сабе: зямля нашая — дом наш, яна — магіла прашчураў i калыска будучых пакаленняў нашых!..
Крыва-Крывэйта страшны быў, і людзі ўнізе, нібы хаваючыся ад ягоных цяжкіх, што камянямі каціліся, слоў, туліліся да капліцы, да якой па дарозе ўздоўж Крэўлянкі, ад Цітавай хаты ў бок Ярылавай гары, абняўшы рукамі жывот, ішла Мілава. “Што гэта яна надумала?..” - пачаў спускацца, каб перахапіць яе, Ціт, і паспеў перастрэць на дарозе, але ў Мілавы быў такі твар, такія вочы, яна йшла так, як, можа быць, ідуць з зямлі на нябёсы, такая яна была, што людзі, гледзячы на яе, пачалі хрысціцца, і Ціт саступіў з дарогі, а Мілава схавалася ў капліцы.
Маліцца прыйшла. Ну, што ж. Няхай памоліцца свайму Богу, які невядома хто і невядома дзе.
- Дан! - паклікаў Ціт, вярнуўшыся дахаты. - Цягні барана на дрывот- ню! А ты, Юр, лапаціну вазьмі!
Віт выйшаў з хаты: “Ты што надумаў, бацька? Каб Юр на баране лапаці- най біць налаўчыўся? Каб столькі мяса па такой гарачыні прапала? Нешта ты надумаў не тое.” - казаў ён, дапамагаючы Дану цягнуць барана, якога паклалі яны галавой на калоду, а Ціт крыкнуў Юру, які ўзняў лапаціну:
- Рэбрам! Роўна ўніз! Бі!
Юр ударыў. Не зусім рэбрам і не роўна ўніз, наўскасяк па шыі. “Бэ-э- э.” - прабэкаў баран, вырываючыся, але Дан з Вітам трымалі яго моцна, а Юр яшчэ раз ударыў, і баран яшчэ раз прабэкаў, і толькі за трэцім разам Юр патрапіў, як трэба, па чэрапе, баран падрыгаўся і заціх.
- Мне таксама гэтак бэкаць і дрыгацца? Дрыгацца і бэкаць? - раззлавана вырваў лапаціну ў Дана, гэкнуў ёй, як сякерай, раструшчыў барану чэрап, адкінуў лапаціну і пайшоў у хату Ціт. - Нарабіў сыноў на сваю галаву!..
Ціт падняў лапаціну, схадзіў на рэчку, адмыў ад крыві, паставіў да сцяны каля вакна, у якое раззлавана глядзеў на падворак бацька. Сказаў, павярнуўшыся да братоў:
- Не хоча ён паміраць.
Дан пацягнуў барана ў склеп. Там, у камяніцы, хоць і не было холадна, але ўсё ж не так горача, як на вуліцы.
- Тады нашто ўчора ён сказаў пра лапаціну? - спытаў Юр. - Хто яго за язык цягнуў?
Дан зачыніў склеп, навесіў стары кажух на дзверы.
- Думаў, што хоча. А цяпер падумаў, што не. Чалавек па-рознаму думае.
- Ага, - кіўнуў на дзверы склепа Юр. - Баран таксама думаў. А сёння мы ім павячэраем.
Гэта была непавага да бацькі, і Ціт, як старэйшы, зірнуў на Юра няўхвальна.
- Ты сам думай, што кажаш.
Дан заступіўся за брата.
- Што ён кажа не так? Слушна кажа. Дзе цяпер яду браць, калі зямля пустая? Толькі ў набегах на суседзяў. А бацька наш ваяр. Ды яшчэ які. І сіла ў ім не меншая за маю. А ён пад лапаціну. Як баран.
Дану Віт нічога не сказаў. Павярнуўся і пайшоў у хату.
- Ён Мілаву абрухаціў, - ціха сказаў Юру Дан, і Юр ці не расчуў, ці не зразумеў.
- Што?.. Хто абрухаціў?.. Віт?
- Бацька.
- Ды кінь! Скуль ты ўзяў?..
- Мілава сказала.
- Калі?
- Сёння. Як навальніцай гароды змыла. “Гэта ж голад, - заплакала. - Дзіця маё памрэ. І гэта праз мой грэх”. Я спытаў: “Праз які?..” - і яна сказала.